Прэзентацыя праектаў

|
Прэзентацыя праектаў
22. 12. 2011
17.00
22 снежня 2011 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя праектаў, рэалізаваных дзякуючы падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International (JTI) у 2011 годзе.
Запрашаем прадстаўнікоў СМІ прыняць удзел ва ўрачыстай прэзентацыі 22.12.2011 і пацвердзіць сваю прысутнасць па тэл. 227-00-05.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI у 2011 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь быў рэалізаваны шэраг сумесных праектаў, сярод якіх: выстава “Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска”, выданне каталога “Брылёўскі скарб”, рэстаўрацыя цэхавых харугваў ХІХ ст., рэканструкцыя постацей вялiкага князя Вiтаўта i караля Ягайлы, распрацоўка і запуск новага сайта музея (www.histmuseum.by).
Сваеасаблівым вынікам сумеснай плённай дзейнасці кампаніі JTI і музея за мінулы год стануць праекты, якія прэзентуюцца 22.12.2011 г.:
1. Адрэстаўраваны каталіцкі абраз канца XVIII стагоддзя
2. Выдадзены альбом “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь” і чарговы нумар выдання “Музейны веснік”
3. Выраблены копіі партрэтаў з Радзівілаўскага збору
Абраз XVIII ст.
Музейны збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь найбуйнейшы у краіне і налічвае звыш 370 тысяч адзінак музейных прадметаў. Для таго, каб прадставіць шырокай грамадскасці ўнікальныя экспанаты, большасці з іх патрабуецца дапамога рэстаўратараў. Так новае жыццё было нададзена каталіцкай іконе канца XVIII ст. – узору народнай творчасці, рэдкаму экзэмпляру беларускага рэлігійнага мастацтва.
Гэта двухбаковы абраз, на адным баку – выява святога Іосіфа ў поўны рост, на другім – паясная выява Маці Божай. Ікона датуецца 1789 годам, паходзіць з вёскі Валёўка Гродзенскай вобласці Навагрудскага раёна. Абраз паступіў у збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у 1976 годзе з Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Рэстаўрацыя выканана мастаком НВА “Белрэстаўрацыя” Уладзімірам Нікіціным.
Адрэстаўраваны абраз зойме належнае месца ў новай гістарычнай экспазіцыі, а з 22 па 28 снежня 2011 г. яго можна будзе убачыць у выставачнай зале музея.
Копіі партрэтаў з Радзівілаўскага збору
Знакаміты Радзівілаўскі збор уяўляе сабой калекцыю партрэтаў прадстаўнікоў рода, вядомых палітычніх, дзяржаўных дзеячаў. Пачатак гэтай калекцыі быў пакладзены яшчэ Мікалаем Крыштафам Сіроткай (1549 - 1616) на прыканцы XVI ст. На працягу некалькіх стагоддзяў да 1939 года Радзівілаўскі збор удакладняўся і пашыраўся.
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца частка партрэтаў з Радзівілаўскага збору. Час экспанавання жывапісных твораў мастацтва абмежаваны. Для таго каб “даць адпачыць” арыгінальным творам былі выкананы прафесійныя копіі карцін. Яны на пэўны перыяд часу будуць замяняць арыгіналы ў экспазіцыі. Падрыхтавана дзевяць копій, сярод якіх партрэт Войшунда – міфічнага пачынальніка роду Радзівілаў, караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ, гетмана Канстанціна Астрожскага і іншых. Копіі выкананы сябрамі Беларускага Саюза мастакоў: Сяргеем Лагуновічам-Чарэпкам, Надзеяй Лівенцавай, Віктарам Варанкевічам
Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь захоўвае каштоўныя помнікі агульнанацыянальнага значэння, якія з’яўляюцца сведкамі значных падзей, з’яў, вызначальных этапаў працэсу фарміравання нацыі, пошуку шляхоў самаідэнтыфікацыі народа Беларусі. Альбом прэзентуе прадметы са збору музея, якія адносяцца да ліку рарытэтных, знаёміць з гісторыяй музея і шляхам фарміравання калекцыі.
У выданні прадстаўлены прадметы з разнастайных калекцый: археалогіі, каштоўных металаў, музычных інструментаў, беларускага народнага адзення, дакументаў і інш. Шэраг адлюставаных ў альбоме прадметаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Музейны веснік
Выданне зборніка навуковых работ “Музейны веснік” было распачата ў 2003 г. Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. У тым жа годзе пабачыў свет першы нумар зборніка. Выданне прэзентуе вынікі і здабыткі навуковай дзейнасці музея, музейных спецыялістаў і навукоўцаў Беларусі.
Прэзентуемы зборнік – пяты, юбілейны. Частка яго асвятляе матэрыялы круглага стала, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння І.Луцкевіча і 90-годдзю заснавання Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея ў Вільні. Выданне ахоплівае шырокую палітру здзейсненага музейнымі супрацоўнікамі. У зборнік уваходзяць матэрыялы гістарычных даследаванняў, навуковыя канцэпцыі выстаў, музейна-педагагічныя праекты, хроніка падзей музейнага жыцця і іншае.
Партнёрства паміж кампаніяй JTI і музеем накіравана на арганізацыю сумесных мерапрыемстваў па захаванні і прэзентацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца па такіх кірунках музейнай працы, як інфармацыйная, выдавецкая, рэстаўрацыйная дзейнасць. Узаемадзеянне паміж кампаніяй JTI і Нацыянальным гістарычным музеем – значны дадатак да шэрагу буйнамаштабных міжнародных праектаў, якія падтрымліваюцца кампаніяй. Кампанiя аказвае шматгадовую падтрымку Дзяржаўнаму Эрмiтажу i Дзяржаўнаму музею выяўленчых мастацтваў iмя Пушкiна ў Расii, Луўру ў Францыi i музею Прада ў Iспанii.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Выстаўка працуе з 11.00 да 19.00, выхадны – панядзелак
тэл. для даведак 227 43 22, 227 00 05
histmuseum.by
227 00 05
